АРМЯ́НСКІ ТАЎР,
Усходні Таўр, усходняя частка гор Таўр, у Турцыі. Працягласць каля 600 км. Выш. да 3090 м (г. Нурухак). Уключае хрыбты Ахыр, Энгізек, Малацця, Эргані, Нурхак, Хачрэш. Складзены з метамарфічных вывергнутых і асадкавых парод (вапнякі, пясчанікі). Развіты карст. Горы прарэзаны цяснінамі р. Джэйхан, Еўфрат, Тыгр. На паўн. сухіх схілах і ў ніжнім поясе — паўпустыні, вышэй — горны стэп. На паўд., больш вільготных схілах — зараснікі тыпу маквісу, вышэй — дубовыя паркавыя лясы, рэдкалессе з фісташніку і ядлоўцу, горны стэп і альпійскія лугі. Па Бітліскім і Пазарджыкскім праходах пракладзены чыгункі і шаша.
т. 1, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)